ІУДЗЕ́ЙСКАЯ ВАЙНА́ 66—73,

антырымскае паўстанне ў Іудзеі. Выклікана злоўжываннямі рым. пракуратара Флора. Паўстанне ўзначалілі рэліг.-паліт. групоўкі: зелоты, якія змагаліся супраць Рыма з пазіцый рэліг. фанатызму, і сікарыі — змагары супраць рабства і за сац. роўнасць. Паўстанцы авалодалі Іерусалімам, уласна Іудзеяй, Галілеяй і інш. тэрыторыямі, адбілі першы карны паход рымлян (ліст. 66). Аднак у 67—68 моцнае рым. войска на чале з Веспасіянам захапіла Галілею і б.ч. Іудзеі. Галілейскі палкаводзец Іосеф бен Матыт’яху (Іосіф Флавій) трапіў у палон і перайшоў на бок рымлян. Правадыр галілейскіх зелотаў Іаханан (Іаан) з Гісхалы са сваім атрадам зрабіўся ў Іерусалім і там узначаліў кіраўніцтва паўстаннем. Пасля абвяшчэння Веспасіяна імператарам (69) на чале рым. войска стаў яго сын Ціт, які выкарыстаў міжусобную барацьбу зелотаў з сікарыямі і ў жн. 70 пасля 5 месяцаў аблогі захапіў Іерусалім. Рымляне поўнасцю разбурылі горад і храм. Палонныя, у т. л. Іаханан, былі ператвораны ў рабоў, правадыр сікарыяў Сімон бар Гіёра пакараны смерцю ў Рыме. У 73 рымляне захапілі апошнюю крэпасць сікарыяў Масаду.

Літ.:

Иосиф Флавий. Иудейская война. Мн., 1991.

т. 7, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)